Турыстычны злёт

27.05.2023
З 26 па 27 мая ў маляўнічым месцы каля возера Літоўка прайшоў раённы турыстычны злёт навучэнцаў устаноў адукацыі, прысвечаны Году міру і стварэння.

Праграма турзлёту была насычанай і цікавай. Пасля ўрачыстага адкрыцця, нашы хлопцы і дзяўчыны прынялі ўдзел у конкурсе "Тэхніка пешаходнага турызму", дзе ім трэба было паказаць усе свае навыкі, каб пераадолець пад'ёмы, спускі, уменне балансаваць і абыходзіцца з турыстычнай экіпіроўкай. Пасля спаборніцтваў - бульбяное пюрэ з тушонкай на абед не прымусіла чакаць нашых "скалалазаў". Увечары нашых турыстаў чакаў конкурс "Вітанне", у якім яны дастойна прадставілі сваю каманду пад назвай "Патрыёт". Ну, і вядома, на турзлёце не абыйсціся без вячэрніх песень ля вогнішча. Заварыўшы духмяную гарбату, і захутаўшыся ў пледы, нашы хлопцы спявалі душэўныя песні і глядзелі, як кружацца ў танцы языкі полымя.
У другі дзень турзлёту нашы дзеці малявалі насценгазету каманды, а пасля паўдзельнічалі ў конкурсе "Спартыўнае арыентаванне", дзе яны змаглі паказаць свае здольнасці ў арыентаванні на мясцовасці з дапамогай адной толькі карты і компаса.
Па выніках двух конкурсаў спартовай праграмы мы занялі II месца ў "групе Б", у якую ўваходзілі ўсе сельскія школы. Таксама, нашы вучні занялі III месца ў конкурсе турысцкай фатаграфіі ў намінацыі "Друкаваная фатаграфія" і ў конкурсе "Турысцкія навыкі і побыт". На гэтым турзлёт быў скончаны. Аднак пазітыўныя эмоцыі ад яго застануцца надоўга.