Выпускны БАЛЬ КВЕТАК

10.06.2023
10 чэрвеня у Пятрэвіцкай сярэдняй школе прайшоў выпускны БАЛЬ КВЕТАК.

У гэты святочны і трошкі сумны дзень выпускнікі развіталіся са сваім бесклапотным дзяцінствам. Яны атрымалі атэстаты, з якіх пачнецца іх дарослае самастойнае жыцце. 11 гадоў Пятрэвіцкая аранжэрэя вырошчвала з маленькіх расточкаў прыгожыя ўсходы і сабрала цудоўны букет з 5 прыгожых, мілых дзяўчынак, ад якіх немагчыма было адарваць погляд. Было шмат віншаванняў, вершаў, песень і жартаў, сказана многа цёплых слоў у адрас педагогаў і бацькоў, якія на працягу 11 гадоў стараліся выхаваць дзяцей і навучыць іх добраму, светламу, вечнаму. Найбольш кранальным момантам было, калі матулі благаслаўлялі сваіх дачок і давалі ім наказ на доўгае, шчаслівае жыццё. І вядома ж, не мог не крануць сэрца школьны вальс выпускнікоў. Завяршыла выпускны баль дыскатэка, на якой выпускнікі апошні раз "адцягнуліся" у сценах роднай школы.