"Я умею, я магу "

27.01.2024
27 студзеня стаў сапраўдным днём адкрыццяў у Пятрэвіцкай школе. Што адкрывалі? Таленты, хобі, інтарэсы вучняў і іх бацькоў.

Здавалася б, што кожнага вучня, яго бацькоў мы ведаем ужо не адзін год. За гэты час раскрыліся амаль усе здольнасці і магчымасці. Выстава-прэзентацыя "Я умею, я магу " паказала, што гэта далёка не так.
Сёння мы ўбачылі чым займаюцца вучні і іх бацькі ў вольны час, прыадкрылі дзверы ў свет іх захапленняў.
Марыя Аляшкевіч: займаецца зборам пазлаў, у выніку чаго ёю ўжо створана больш за 30 карцін. Некаторыя з іх былі прадстаўлены на выставе.
Адзярэйка П.П. збірае пакецікі з цукрам да гарбаты ці кавы. Колькі іх ужо ў калекцыі? Магчыма, Павел Пятровіч не ведае і сам, але.... як кажа аматар цукру: "У маёй калекцыі і геаграфія, і гісторыя. Пакецікі з розных гарадоў і краін. Многіх кафейняў ужо няма, іх закрылі, а ўласныя пакецікі засталіся - жывая гісторыя".
Сям’я Соц: матуля вяжа кручком адзенне, дачка - рухомыя падзелкі з паперы. Людзі вяжуць не толькі для таго, каб зрабіць неабходную, прыгожую, магчыма, адзіную ў сваім родзе рэч. Працэс вязання прыносіць людзям радасць, дае магчымасць выявіць сябе ў творчасці, убачыць у паўсядзённым і звычным быце прыгажосць і гармонію.
Сям'я Новікавых: матуля - сапраўдны майстар дзіцячай цацкі. Цацкі робіць і ў выглядзе пап’е машэ, і з ваты, і з капрону.
Сям’я Кастусевіч: матуля займаецца з 15 гадоў вышыўкай. У цяперашні час вышывае іконы. На выставу прадстаўлена 5 работ.
Сям’я Матулевіч: у кожнага свае інтарэсы, свае захапленні. У асноўным робяць вырабы з паперы і нітак. У Мацвея, які вучыцца ў 2 класе і захапляецца арыгамі, ёсць мара - зрабіць арыгамі памерамі 1 м.
Сям’я Духоўнік... што ні член сям’і, то - Майстар. Матуля Алена вяжа рэчы для ўсёй сям’і. Адзенне і аксэсуары, якія яна звязала для сваіх траіх дачок, дазваляюць ім выглядзець модна і стыльна. Пры гэтым адзенне з вязаных матэрыялаў з’яўляецца цёплым і камфортным. Для Алены Яўгенаўны вязанне - выдатны спосаб расслабіцца і адыйсці ад паўсядзённых клопатаў, у той жа час, ствараючы ўнікальнае і прыгожае.
Гірыновіч Лізавета займаецца алмазнай вышыўкай. Яе шэдэўры здзіўляюць гледачоў непаўторнасцю, сваім бачаннем навакольнага свету.
Шастак Дар’я любіць вязаць кручком цацкі.... Колькі іх? Усе рознага колеру і адцення, усе мілыя і сучасныя.
"Как приятно вечерком
Сесть и повязать крючком:
Все украшены подушки,
Ведь на них - мои игрушки", - любіць казаць юная майстрыха.
Жыхарка Сафія паказала захапленні сваёй сям’і. Тата Руслан і мама Надзея робяць мазаіку з камення. У таты Руслана ёсць сапраўдная майстэрня па вырабу рэчаў з камення. Сама Сафія займаецца фатаграфіяй. Былі прадстаўлены ўласныя фотаздымкі.
Сіняк Яўгенія любіць маляваць. І няхай яна яшчэ пачынаючы мастак, але проста закаханая ў свае работы. А наперадзе годы клапатлівай працы... і можна арганізаваць уласную выставу. Спадзяемся, што дэбют пройдзе ў сценах нашай установы.
Натхнення і радасці вам, паважаныя ўдзельнікі выставы!